ХТО БУДЗЕ НАСТУПНЫМ?

Раман Мамчыц

Дылінгавыя цэнтры на рынку FOREX у Беларусі ўжо не з’яўляюцца экзотыкай. Час ідзе, усё больш і больш беларусаў цікавіцца магчымасцю атрымання прыбытку за кошт ажыццяўлення канверсійных аперацый на гэтым рынку. У Маладэчне існуе пакуль толькі прадстаўніцтва расійскай кампаніі Брока, дакладней кажучы, іх упаўнаважаны брокер Максім Халецкі. Аднак зараз адначасова некалькі расійскіх кампаній разглядаюць паўночна-заходні накірунак (Гародня, Маладэчна, Ліда) як перспектыўны.

Цікаўных у Беларусі пабольшыла, а вось больш легальнасці і бяспекі, чым раней, гэтыя аперацыі не набылі. Гэта не можа не насцярожваць, асабліва на тле падзей мінулага году ў суседніх Украіне і Расіі, дзе быў узбуджаны шэраг крымінальных спраў супраць арганізатараў фінансавых пірамід, якія мелі непасрэднае дачыненне да так званага “кухоннага дылінгу”.
Сярэднестатыстычны беларус у такіх выпадках звычайна кажа з пэўнай злараднасцю: маўляў, ну і што, няхай яны там піраміды будуюць, а ў нас тут выспа стабільнасці пасярод рэцэсіі сусветнай эканомікі. Ведаю, ведаю. І тое, што крызісу ў Беларусі няма, і тое, што ВУП расце, карацей, нашая краіна – сапраўдны аазіс сярод рознай глабальнай неаліберальшчыны. Толькі бяда ў тым, што некаторыя з юрыдычных асобаў – фігурантаў расейскіх і украінскіх інвестыцыйных скандалаў, - звязаныя непасрэдным чынам з беларускімі фірмамі, якія неафіцыйна з’яўляюцца іхнымі прадстаўніцтвамі, хаця і дэ-юрэ ўяўляюць сабой беларускія таварыствы з абмежаванай адказнасцю (крымінальнай, відавочна). І той факт, што ў Беларусі пакуль не было праваахоўнымі органамі зафіксавана выпадкаў махлярства з удзелам гэтых структур, сведчыць толькі аб тым, што выкарыстоўваліся неафіцыйныя інвестыцыйныя схемы, таму грамадзяне нікуды і не звярталіся, не маючы на руках доказаў. Шматлікія паведамленні пацярпелых на форумах у сеціве даказваюць гэтую гіпотэзу.
У найгучнейшых скандалах посткрызыснага перыяду ў СНД, звязаныя з брокерскім махлярствам (калі гэтыя кампаніі можна назваць брокерамі, з юрыдычнага гледзішча яны імі не з’яўляюцца) “засвяцілася”, ў першую чаргу, кампанія Teletrade DJ. Дакладней кажучы, не сама кампанія, а яе філіялы, якія заснавальнікі прадбачліва адчынялі паводле так званай франшызы, якая дае магчымасць галоўнаму офісу не адказваць за крымінальную дзейснасць быццам бы самастойных прадпрыемстваў, якія, тым не меней, дзейнічаюць пад іх брэндам, і рахунак кліенты адчыняюць менавіта у “цэнтральнага” брокера. Пікантнасць сітуацыі ў тым, што Teletrade DJ ужо фігураваў у крымінальнай справе, якая ўзбуджалася супраць уладальнікаў франшызы ў Беларусі, і пры гэтым некаторыя айчынныя СМІ выставілі менскіх ашуканцаў ледзь не як “ахвяр рэжыму”. Тады, у 2007 годзе, прадметам крымінальнай справы былі спробы менскага Тэлетрэйду “адкасіць” ад падаткаў.
Насамрэч, у якасці падазраванага быў дырэктар УП “Форэкслайн”. Прадпрыемства мела франшызу Тэлетрэйду, дзейнічала яд яго імя, хаця юрыдычна з’яўлялася самастойным. У крымінальнай справе Тэлетрэйд фігураваў як ганконгская кампанія Teletrade D. J. International Ltd., хаця, нягледзячы на тое, што кампанія афшорная і зарэгістраваная ў Ганконзе, галоўны офіс знаходзіцца ў Маскве. Пасля першага (і пакуль, як ні дзіўна, адзінага) скандалу у Беларусі, маскоўскае кіраўніцтва абвясціла на інтэрнэтаўскіх форумах, што супрацоўніцтва з Форэкслайнам – гэта была памылка, і далей Teletrade D. J. “стане вырашаць аб мэтазгоднасці менавіта такой формы існавання філіяла” (паводле словаў Наталлі Зотавай, куратара аналітычнага дэпартамента кампаніі). Аднак гэтага не адбылося, і зараз інтарэсы маскоўскай кампаніі ў Беларусі прадстаўляе беларуская кампанія “Бізнэс-Форэкс”.
Між тым, пакуль “Бізнэс-Форэкс” пазіцыянуе сябе як “першы ў Беларусі прафесійны дылінгавы цэнтр” (цікава, што “Форэкслайн” таксама сам сябе называў аналагічнымі фразамі), на радзіме Тэлетрэйду (я маю на увазе Расею, а не Ганконг, там, хутчэй за ўсё, Тэлетрэйд і не ведаюць) працягваецца эстафета таямнічых знікненняў заснавальнікаў рэгіянальных філіялаў. У мінулым годзе ў Расеі крымінальныя справы былі распачатыя супраць намесніка генеральнага дырэктара філіяла Тэлетрэйд у Казані Рустэма Вагапава і супраць заснавальніка прадстаўніцтва Тэлетрэйд у Цюмені Аляксандра Васюты. Пры гэтым не варта думаць, што гэта пачатак, гэта заканамерны працяг. Пачатак быў яшчэ ў 2002 годзе, прычым не ў Расеі, а ў сонячным Азербайджане, калі “фахоўцы” з бакінскага аддзялення Тэлетрэйд прайгралі (быццам бы, а хутчэй за ўсё, паклалі сабе ў кішэнь) сродкі, якія ім у давернае кіраванне падаў жыхар Баку Бахтыяр Асманаў. Было там “усяго” 30 тыс. даляраў, і калі Асманаў памкнуўся вярнуць праз суд хаця б частку сваіх грошай паводле закону Азербайджана аб даверным кіраванні, высветлілася, што Teletrade у ягонай краіне не зарэгістраваны як юрыдычная асоба. Безумоўна, Асманаў нічога не атрымаў, паколькі кампанія RMB – бакінскае прадстаўніцства Тэлетрэйд – гэта кансалтынгавая структура, і яна за дзейснасць Teletrade адказнасці не нясе. Як, зрэшты, і Тэлетрэйд не нясе адказнасці за дзейснасць сваіх філіялаў.
Наступнымі ахвярамі міжнародных ашуканцаў сталі жыхары украінскага Харкава. Там у 2005 годзе супрацоўнікі мясцовага філіяла Тэлетрэйду, “Тэлетрэйд Кансалтынг” проста зніклі з грашыма кліентаў: “Я ухожу по-українськи” – як казала Верка Сярдзючка. І толькі ў 2006 годзе, патрэніраваўшыся на лахаватых жыхарах былых саюзных рэспублік, расіяне пачалі “раскрутку” у сваіх рэгіёнах. Першым быў Саратаў, дзе дырэктар мясцовага філіяла Чысцякоў замест тога, каб размешчаць сродкі кліентаў на маржынальных рахунках у Тэлетрэйдзе, проста прысвойваў іх. Тэлетрэйд, быццам бы, пра гэта не ведаў, атрымліваецца, што бок, які даў Чысцякову франшызу, таксама сярод пацярпелых. Аднак чамусьці маскоўскі офіс не стаў падаваць у судовыя інстанцыі заяву супраць свайго супрацоўніка, які пракраўся. Усяго Чысцякоў прысвоіў грошай на 150 тыс. даляраў – параўнайце з бакінскімі маштабамі дзейснасці. Ну і, нарэшце, аналагічныя гісторыі здарыліся ўжо пасля пачатку крызісу ў Цюмені і Казані.
Хто будзе наступным? У посткрызіснай Расіі народ стаў ужо не той, каб можна было вось проста так беспакарана развесці, падставіўшы пад машыну праваахоўных органаў нейкага там рустэма шаўкатавіча або яшчэ якога чысцякова. Іх, чысцяковых гэтых, якія гатовыя сядзець як зіц-старшыня Фунт, заўсёды хапала. Не хапае толькі патэнцыйных кліентаў сярод насельніцтва: грошай стала меней, абачлівасці перад тым як кудысці іх укласці стала болей. Вось у Беларусі, хоць народ і бедны, затое пакуль не ўсе ведаюць што такое FOREX. Калі і ў нашай краіне пачнуць узнікаць такія інцыдэнты – цяжка сказаць. Факт у тым, што айчыннае заканадаўства спрыяе таму, каб замест салідных брокерскіх кампаній на беларускім інвестыцыйным рынку працавалі махляры. Ні для кога з адмыслоўцаў у фінансах не сакрэт, што абсалютна ўсе інстанцыі, якія даюць прыватнаму беларускаму інвестару магчымасць быццам бы выйсці на міжнародныя фінансавыя рынкі без ліцэнзіі – так званыя кухні, букмекерскія канторы, у якіх насамрэч прымаюцца стаўкі на фінансавыя падзеі.



Пакінуць каментар

If you would like to make a comment, please fill out the form below.

You must be logged in to post a comment.


© 2008, Стваральнік: Ян Лагвіновіч, lahvinovich@gmail.com, тэл. 8-029-6476157