Як вядома кожнаму беларусу, пакуль улады не “дазволяць” крызіс ці грып, ні таго ні другога ў нас няма. І калі кіраўнік дзяржавы ўсміхаючыся кажа, што эпідэміі грыпу ў Беларусі няма, значыцца, абвесціць яе ніяк нельга. Нават па аб’ектыўных паказчыках.
Маладэчна хварэе вострымі рэспіраторнымі захворваннямі. У тым ліку і “свінячым” грыпам (неафіцыйна паведамляюць медыкі). Па горадзе разыходзяцца чуткі аб лятальных сыходах. Ужо размова ідзе аб чатырох ахвярах, сярод якіх – цяжарная жанчына. Афіцыйныя асобы ніякіх каментароў не даюць. Усё, што датычыцца гэтага пытання, нагадвае ваенную тайну. Таму даводзіцца тут выкладаць факты, з якімі мы сутыкнуліся на ўласным досведзе ці якімі ананімна падзяліліся працаўнікі медыцынскай сферы.
На сайце міністэрства аховы здароўя паведамляецца, што на 5 лістапада ў Беларусі лабараторна пацверджана 85 выпадкаў захворвання высокапатагенным вірусам “свінячага” грыпу. Але, як высветлілася, пакуль толькі некалькі маладэчанцаў здавалі адмысловыя аналізы на наяўнасць вірусу “свінячага” грыпу. Таксама пры відавочных сімптомах якога б там ні было грыпу, хворым (прынамсі маладэчанскім), чамусьці не пішуць дыягназ “грып”. Таму любыя афіцыйныя лічбы можна лічыць, мякка кажучы, заніжанымі.
Насцярожвае таксама той факт, што напрыканцы кастрычніка тэрмінова з мясцовых аптэк у стацыянары забралі некалькі пачак “Таміфлю”, якія да гэтага доўга не прадаваліся. Гэта адзіны прэпарат, які ўздзейнічае менавіта на вірус “свінячага” грыпу. Больш “Таміфлю” ні ў маладэчанскія аптэкі, ні ў бальніцы пакуль не паступала. І па афіцыйных дадзеных, наогул на Беларусь яго абяцаюць завезці толькі праз два тыдні.
Што б гэта ні было – “свінячы” ці звычайны грып, ці ўсё ж такі “ОРВИ” – але эпідэмію ў горадзе ўсё ж не абвяшчаюць. Хоць медыкі са стажам кажуць, што такой колькасці хворых вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі ніколі яшчэ не было. Участковыя дактары атрымоўваюць штодзень больш за 50 выклікаў. У паліклініцы не паспяваюць прыняць індывідуальна ўсіх захварэўшых: часам медсёстры проста выносяць хворым у калідор градуснікі, тыя вымяраюць тэмпературу – і на падставе гэтага “оптам” ім працягваюць ці закрываюць бальнічныя. Каб зрабіць “здымак” пры падазрэнні на пнеўманію, трэба выседзець у чарзе 4-5 гадзінаў. “Пульманалогія” ўжо не змяшчае ўсіх хворых на пнеўманію. Для гэтага вызвалілі палаты ў іншых аддзяленнях. Каму не хапае месца ў горадзе – вязуць у раённыя шпіталі. Медсёстрам даводзіцца працаваць ледзь не па двое сутак.
Любыя сродкі, якімі можна абараніцца ці лячыцца ад вострых рэспіраторных інфекцыяў, у маладэчанскіх аптэках з’яўляюцца дэфіцытам. Напрыклад, аксалінавай мазі ці “Арпетолу” ў дзяржаўных аптэках няма ўжо тыдні тры, у камерцыйных – з’яўляюцца зрэдку ў вельмі малых колькасцях. І нягледзячы на “тэлевізійныя” паведамленні аб забяспечанасці ўсіх рэгіёнаў гэтымі прэпаратамі, у нашых аптэках адказваюць: “не было, няма і невядома, калі з’явяцца”. У наяўнасці няма нават элементарных рэспіратараў (вытворчасць якіх не залежыць ад імпартных складнікаў). Іх пашыў плануе наладзіць фабрыка “Юнона”, але марлі для гэтага таксама пакуль няма. Нават медработнікам, якія знаходзяцца ў самым “эпіцэнтры”, выдалі толькі па адным рэспіратары (мяняць якія трэба праз 2 гадзіны). Не атрымоўваюць яны таксама ніякіх іншых прафілактычных сродкаў.
Неабароненымі засталіся і прадстаўнікі “групы рызыкі” – дзеці, цяжарныя жанчыны. Хаця б “Аксалінам” іх трэба было забяспечыць у першую чаргу. Адзінае, што было зроблена для цяжарных – абтэлефанаванне з папярэджаннем пры з’яўленні сімптомаў захворвання “ОРВИ” неадкладна звяртацца да доктара.
У дзіцячыя садкі зараз, як жартуюць, “ходзіць адзін персанал”. Бацькі па магчымасці трымаюць малых дома. Школьнікаў ад грыпу ў Маладэчне не прышчэплівалі. І “канікулы” не працягнулі яшчэ на тыдзень. Відаць, выкананне школьнай праграмы важней за здароўе дзяцей. А дзіцячыя аддзяленні ў бальніцах тым часам перапоўненыя хворымі на пнеўманію.
Міністр аховы здароўя ў адным з інтэрвью заявіў, што на Беларусі былі “крыху не гатовыя” да такога становішча рэчаў. Па Маладэчне можна зрабіць вывады, што мы былі зусім не падрыхтаваныя. Нягледзячы на тое, што па ўсіх суседніх краінах ужо лютавала эпідэмія. Пазіцыю ўладаў добра адлюстроўвае выпадак у адной з дзяржаўных аптэкаў горада, дзе загадчыца паведаміла фармацэўтам: “Пакуль афіцыйна не абвешчана эпідэмія, працуем без рэспіратараў. Каб не ствараць паніку.”
Пакінуць каментар
If you would like to make a comment, please fill out the form below.
You must be logged in to post a comment.