Кожнае лета прыезжыя “луна-паркі” у Маладэчне збіраюць вялізныя натоўпы жадаючых пакатацца. Кожны год ходзяць чуткі, што ў нейкім горадзе на гэтых атракцыёнах загінулі ці пакалечыліся людзі. Зараз, здавалася, усё мусіць быць інакш: з 1 красавіка 2009 г у Беларусі ўведзеныя новыя стандарты бяспекі абсталявання для забаў.
У Маладэчне да сярэдзіны ліпеня будзе працаваць луна-парк з Тулы. І мяркуючы па стану атракцыёнаў, ніякія стандарты на іх не распаўсюджваюцца. А ў касы ўсё роўна стаяць чэргі бацькоў з дзецьмі за (нетаннымі) квіткамі.
![]()
![]()
![]()
![]()
Па словах Марыны Паповай, пракурора па нагляду за выкананнем правоў і свабод грамадзян генпракуратуры РБ, уладальнікі прыезжых “луна-паркаў”, як правіла, зусім не маюць дакументацыі, якая пацвяржае іх бяспеку. Відавочна, тое самае і з тульскім “луна-паркам”.
Сёлета ён стаіць не на Цэнтральнай плошчы, як звычайна, а каля 135-й вучэльні. Усе атракцыёны размешчаныя шчыльна адзін каля аднаго, большасць не мае дастатковай агароджы. Маленькія кліенты элементарна могуць трапіць пад элементы, якія рухаюцца. Рэльсы для цягнічка ўсталяваныя на будаўнічым смецці, абломках дошкаў. На адной з каруселяў не працуюць рычагі апускання кабінак уніз: “лебядзей”, якія падымаюцца ўверх метраў на 5, працаўнікам прыходзіцца апускаць уручную пасля спынення. Электрычныя дроты ляжаць проста на зямлі, пад нагамі дзяцей і жаночымі абцасамі. Працаўнікі, якія ўключаюць-выключаюць каруселі, бываюць у нецвярозым стане, пад час катання абсалютна не сочаць за паводзінамі дзяцей – калі што здарыцца, як хутка яны спыняць рух машынаў? Ні адзін атракцыён для малых дзетак не мае рамнёў бяспекі!
На гэты раз па нейкіх прычынах пакуль не працуе дарослая “вяртушка” на ланцугах, якая часта раніла ці “раняла” людзей. Няма зараз і дзіцячага аўтадрома, дзе малыя рэгулярна разбівалі насы пры сутыкненні машынак. Але на ўсіх астатніх забавах верагоднасць пашкодзіць здароўе не меншая. А на пытанне да працаўнікоў “ці ёсць у “луна-парку” аптэчка для аказання хуткай меддапамогі?” тыя проста паціскалі плячыма.
У гэтым месцы адпачынку, як звычайна, грыміць музыка. Каб здалёк прывабліваць новых кліентаў. І каб заглушыць рыпенне іржавых каруселяў.
Пакінуць каментар
If you would like to make a comment, please fill out the form below.
You must be logged in to post a comment.