Вада


Наш рэгіён знаходзіцца над двума найвялікшымі ў Беларусі морамі менавіта “над”, бо гэтыя моры – падземныя. По- навуковаму яны завуцца ваданоснымі гарызонтамі. Утвараліся ваданосныя гарызонты ў розныя геалагічныя эпохі сотні тысяч і мільёны год таму. Тады наша зямля то была морам, то зноў рабілася сушай. Увогуле, у Беларусі налічваюць 13 такіх гарызонтаў. А самы магутны па колькасці вады называецца Маскоўска-Валдайскім і займае паўднёвую частку нашага рэгіёну. Другі па магутнасці, Дняпроўска-Маскоўскі гарызонт. Ён перакрывае ўвесь наш рэгіён, а таксама цэнтральную і паўночную Беларусь. Знаходзяцца падземныя моры на глыбіні ад 60 метраў да 2 кіламетраў. Водаабмен у іх вельмі запаволены таму і моцна берагчы трэба гэтыя рэсурсы.
Прэсная вада – аснова жыцця нас усіх. Без яе немагчыма вядзенне сельскай гаспадаркі і праца прамысловасці. Яна – вялікае багацце і адзін з найкаштоўнейшых прыродных рэсурсаў. Па запасах вады наш рэгіён – адзін з найбольш паспяховых у Беларусі. У яго нетрах знаходзіцца некалькі магутных пластоў падземных водаў. Паверхневыя воды прадстаўленыя сістэмай азёраў, вадасховішчаў, рэкаў і балотаў. Рэгіён сілкуе Балтыйскае мора і ўваходзіць у рачныя сістэмы Нёмана, Віліі і Заходняй Дзвіны. Найбольшае па запасах вады возера Нарач – 710 млн. м. Астатнія буйныя азёры рэгіёну маюць наступныя паказчыкі: Свір – 104,3 млн. куб.м., Мядзел – 102,0 млн. куб.м., Мястра – 70,2 млн. куб.м.
Большасць азёр рэгіёну мае ледніковае паходжанне. Сярод штучных вадасховішчаў выдзяляецца Вілейскае – 238 млн.куб.м. Ад гэтага вадасховішча праз Вілейска-Мінскую водную сістэму штогод перакачваецца прыкладна 382 млн. куб.м. вады. Рэкі – самы дынамічны кампанент паверхневых вод. Яны поўнасцю абнаўляюцца ў сярэднім усяго за 7 дзён. Самая магутная рака рэгіёну – Вілія. Расход вады ў вусці складае 186 тон за секунду. Ва Ушы гэты паказчык – 6,01 т/сек., Нарачанцы - 11,9 т/сек., Вілейска-Мінская водная сістэма гоніць у сярэднім 22 метра куб./сек.,рака Ашмянка – 13,4 куб.м/сек., Страча – 9,1 куб. м/сек., Ілія 8,8 куб м/сек. У сярэднім за год з кожнага квадратнага кіламетра ў нашым рэгіёне сцякае 8 літраў вады ў секунду. Балоты – адзін з самых устойлівых і карысных прыродных ландшафтаў. Яны падтрымліваюць узровень вады ў рэках і даюць прытулак шматлікім відам жывёл і раслін. У рэгіёне большасць балот – нізавыя (сілкуюцца і ападкамі, і прыроднымі водамі). Ёсць гідралагічны балотны заказнік Чарамшыца каля Нарачы. Сярод іншых балот выдзяляюцца Чысцец, Габы, Глухая Пушча, Бярозавік, Масцішча, Бярэзінскае і інш. Так што мы – гаспадары вялікага воднага багацця.
Уша, як і кожная рака, мае сваю геаграфію і сваю гісторыю. Гэта – галоўная водная артэрыя Маладэчанскага раёна. Геаграфічная даведка аб ёй апавядае коратка і лаканічна: Уша, рака, левы прыток Віліі /басейн Нёмана. Даўжыня 75 км. Пачынаецца на паўночны захад ад в. Будраўшчына Валожынскага раёна, цячэ у Маладэчанскім раёне Мінскай вобласці. Вадазбор /780 кв.м./ на паўночна-заходніх схілах Мінскага ўзвышша. Шырыня даліны 0,4-0,8 км, поймы 0,1-0,7 км, рэчышча 10-15 м. Найбольшы прыток Цна (справа). 48 % гадавога сцёку прыпадае на веснавы перыяд. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 6 куб.м/сек. Гідралагічныя назіранні з 1930 года на рацэ г. Маладэчна. Бярэ пачатак на стыку граніц Маладэчанскага, Валожынскага і Мінскага раёну… Спачатку цячэ на поўнач па маляўнічай мясцовасці, пятляючы ў вузкай даліне, акружанай высокімі ўзгоркамі. За вёскай Мясатой паварачвае на паўночны захад. Пачынаючы ад Чысцінскіх балот і далей, каля Маладэчна, Уша працякае па балоцістай шырокай даліне. Прыняўшы воды Лошы, Цны, Пісарэўкі, Крыніцы і больш як паўдзесятка іншых рачулак, яна становіцца паўнаводнай і ледзь умяшчаецца ў свае нізкія берагі. А колькі яна прыносіла бяды навакольным жыхарам у час сваіх веснавых, асенніх, а часта і летніх разліваў. Колькі адабрала ў сялян і ператварыла ў цяжка-праходную багну лугоў і зямель! Нават лясы прымусіла адступіць. Гразь на многіх вясковых вуліцах, гнілыя балоты ў горадзе. Гэта ж таксама ад Ушы. Невялікая рака, але ўлетку, у замен за сваю свежасць, яна, падчас, патрабуе і чалавечых ахвяр. Віры, што ўтвараюцца ў месцах вымывання рыхлых пясчаных парод з-пад шчыльнага тарфянога пласту, не-не ды і захопяць у мёртвы вадаварот нявопытнага плаўца. Людзі не раз спрабавалі ўтаймаваць нораў Ушы, асвоіць яе берагі. Але што можна было зрабіць уручную і паасобку! Забалочанасць павялічвалася. Усё больш зарасталі хмызнякамі лугі. І усё часцей яны заставаліся зусім няскошанымі. І вось на яе берагах паявіліся людзі з нівелірамі і іншымі прыборамі і прыладамі. Яны вызначылі першы след для машын, працавалі тут, не маючы ні страхі над галавой, ні цвёрдага грунту пад нагамі. Шлях разведвальнікаў быў нялёгкім. Дзе на лодцы, дзе пешшу, правальваючыся па пояс у багну, сотні вёрст прайшлі па ўшаўскіх балотах, рэках і ручаях людзі, пракладваючы трасу.
Абноўленая Уша прынесла вялікую карысць не толькі таму, хто працуе ў полі, а і таму, хто жыве і працуе ў нашым горадзе.
Да сістэмы водазабору Ушы адносіцца 45% тэрыторыі Маладэчанскага раёна, 4% Вілейскага і 0,5% Валожынскага раёнаў. У даліне Ушы пражывае 85% (ад агульнай колькасці) насельніцтва Маладэчна і Маладэчанскага раёна. Усяго ж гэтую водную сістэму насяляюць прыкладна 130 тысяч чалавек. Адзначым, што сярэдняя шчыльнасць насельніцтва на тэрыторыі, дзе Уша збірае свае воды – 165 чалавек на 1 кв.км (сярэдняя шчыльнасць насельніцтва ў Беларусі прыкладна 50 чалавек на 1 кв.км.) І усе гэтыя людзі, а таксама прамысловасць, сельская гаспадарка, камунальная сфера маюць патрэбы ў вадзе. Варта толькі дзеля прыкладу дадаць, што ўсе мы спажываем мыйныя сродкі: пральныя парашкі, мыла, гелі. Усе гэта, у рэшце рэшт, змываецца вонкі, і 60% мыйных сродкаў аказваецца ў прыродных водах і забруджвае іх. Вось чаму людзям важна арыентавацца на бясшкодныя і нейтральныя сродкі для мыцця.
Лясістасць водазабору Ушы роўная прыкладна на 25%, што не вельмі добра адбіваецца на водным рэжыме рэчкі. Пры моцнай спякоце некаторыя прытокі перасыхаюць. Сама ж даліна Ушы сфарміравалася ў Ашмянскую стадыю перадапошняга Сожскага аледзянення. Гэта адбылося больш чым 110 тысяч год таму. Прычым тая старажытная Уша была шмат магутнай рэчкай, чым сучасная. А “працавала” яна не ўсюду аднолькава.
Вёска Краснае - першае вялікае паселішча на Ушы, а ніжэй Краснага – першае на Ушы больш-менш вялікае вадасховішча. Непасрэдна на рэчцы размешчаны кансервавы завод, піларама, несанкцыянаванная звалка смецця ля былой фермы. Ніжэй той жа фермы Уша цячэ праз вёску, за рэдкім выключэннем, у межах поймы з шырынёй ад 100 да 300 метраў.Пойма ужо не заліваецца. Яна ўяўляе сабой луг, месцамі часткова забалочаны і выкарыстоўваецца пад пасьбу. Глеба тут занадта кіслая для культурных раслін. Растуць хвашчы – індыкатары кіслотнасці. Паваленыя праз усю рэчку дрэвы ўтвараюць запруды, дзе скопліваецца рознае плавучае смецце. З красненскага боку маста па шашы Маладэчна-Мінск пойма ракі падтоплена вадасховішчам і ператварылася ў балота з зараснікамі вышэйшых водных раслін. Гэтае рукатворнае балота з’яўляецца вельмі добрым экалагічным буферам паміж рэчкай і асноўным красненскім вадасховішчам. Тут дзейнічае некалькі прыродных сістэм ачысткі. Па-першае, вада ў балоце адстойваецца, і бруд асядае на дно. Па-другое, вада фільтруецца воднымі арганізмамі і, па-трэцяе, вышэйшая водная расліннасць забірае раствораныя хімічныя рэчывы для ўласнага росту.
З-за гэтага буфернага балота на асноўнай акваторыі вадасховішча (маладэчанскі бок маста) можа існаваць даволі разнастайная фауна. Само вадасховішча – штучнае. Яго добраўпарадкаваннем заняліся вайскоўцы. Яны ж і пашырылі гэты водны аб’ект. Узбярэжжа вадасховішча з гаспадарчымі мэтамі не выкарыстоўваецца, толькі шаша праходзіць паблізу. Так што, калі улічваць балота-буфер, санітарная зона ёсць. Аб’ект выкарыстоўваецца як месца адпачынку. Тут водзіцца карась, акунь. Шчупак, таўсталобік. Аднак экваторыя пакрыху зарастае. Уздоўж узбярэжжа да некалькіх дзесяткаў метраў утварылася паласа расліннасці (раска, ціна, розныя водарасці). Так што пасля ачысткі вадасховішча, тут цалкам магчыма разводзіць і такую каштоўную рыбу, як фарэль. Такім чынам невялікае вадасховішча, саджалкі на малых рэках, такіх, як наша Уша, прыносяць шмат карысці. Тут вырашаюцца і праблемы рэжыму рэк, адпачынку, прыгоднай самаачысткі вады, рыбагадоўлі. У свой час нашыя мясцовыя СМІ падымалі пытанне аб яшчэ адным вадасховішчы вышэй Маладэчна. Аднак на гэты час мы маем экстранны стратэгічны запас вады на Ушы для Маладэчна толькі пад Красным. Не так даўно была добраўпарадкавана запруда ў раёне Аляхновічаў (яе можна бачыць з электрычкі). І гэта добра, што на Ушы ствараецца цэлы каскад водных аб’ектаў. Трэба, каб у ім было больш звёнаў.
1 снежня 2002 года група маладэчанскіх эколагаў правяла даследаванні стану вадасцёку прытоку Ушы, які пачынаецца ля вуліцы Бухаўшчына. Па экалагічным стане рэчка дзеліцца на некалькі няроўных адрэзкаў. Першы адрэзак – ад вуліцы Льва Талстога да аўтавакзала. Тут русла парасло кустамі, вельмі засмечанае. Людзі парабілі самаробныя запруды, ямы і выкарыстоўваюць ваду для паліву. Прыбіральні часта размешчаныя ля вады. Сюды ж зліваюцца і бытавыя адходы. Забруджванне ў асноўным арганічнае.
Другі ўчастак – ад каналізацыйна-помпавай станцыі (КПС), што знаходзіцца ля аўтавакзала, да выхаду з горада. У раёне чыгуначнага вакзала рэчка зноў на сотню метраў цячэ па зямной паверхні. Вада яўна забруджаная: непразрыстая. На другім участку, у адрозненне ад першага, вышэйшай воднай расліннасці няма. Да арганічнага забруджвання ніжэй КПС дабаўляецца хімічнае. Вада трапляе ва Ушу па гэтаму вадасцёку без ачысткі. У раёне вуліцы Лясной на каменнях буяюць прымітыўныя накіпныя водарасці, іншыя арганізмы тут не выжываюць. Непрыемны пах адчуваецца на ўсім маладзечанскім участку рэчкі. Крыху ніжэй стромкае цячэнне водасцёку змяняецца больш павольным, і на дне пачынае адкладвацца асадак у выглядзе слізкай нафтападобнай чорнай масы. Вада ад КПС да выхаду з горада не замярзае, таму зімой пры нізкай тэмпературы надвор’я ідзе пара, што можа прывесці да лёгачных захворванняў жыхароў бліжэйшых дамоў.
Трэці участак – ад выхаду за межы Маладэчна да ўпадзення водасцёку ва Ушу. На гэтым участку злучаецца некалькі меліярацыйных каналаў з палёў. Так што ў ваду трапляюць і ўгнаенні, змытыя дажджамі або талым снегам. Такім чынам усе забруджвальнікі і трапляюць на Ушу.
Даліна р. Маладачанкі ўяўляе сабой канал з бетоннымі адхонамі і дном. Сюды вышэй маста ўпадае адкрыты меліярацыйны канал і скідваецца вада з дзвюх закрытых дрэнажных сістэм. Глебы тут тарфяністыя і разорваюцца амаль да адхода канала. Хмызнякоў і дрэў абапал канала няма.
Якасць вады ва Ушы і ў вярхоўі Маладачанкі можна ацаніць як здавальняючую. У месцы упадзення Маладачанкі ва Ушу вада слаба забруджаная.
Штогод у кастрычніку праводзіцца рэспубліканская прыродаахоўная акцыя “Дзень малых рэк”.Яна праходзіць пад дэвізам “Малым рэкам – наш вялікі клопат”. Мэта акцыі - захаванне малых рэк і вадаёмаў, абарона прыбярэжнай паласы ад забруджвання. Юныя эколагі школ горада і цэнтра пазашкольнай работы збіраюць бытавыя адходы, якія жыхары горада мэтанакіравана вывезлі на бераг ракі.
Асноўнымі крыніцамі водазабяспячэння насельніцтва Маладэчаншчыны з’яўляюцца шахтавыя калодзежы ( 30,8% насельніцтва раёна выкарыстоўваюць ваду з калодзежаў). З 7512 калодзежаў – 7296 індывідуальных і толькі 216 грамадскіх. Якасць вады калодзежаў – значна горшае, бо вада збіраецца з верхніх ваданосных слаёў і таму больш церпіць ад забруджанасці верхняга слоя глебы. Галоўнымі фактарамі забруджанасці вады калодзежаў з’яўляюцца нітраты і мікробы. Татальнага забруджвання грунтавых вод няма, аднак каля 70% калодзежаў не адпавядаюць санітарным нормам. Гарадскі вадаправод забяспечваецца вадой з дзвюх крыніц: водазаборамі “Гелянова” ў паўднёвай часткі горада і “Крыніца”. Склад падземных водаў па усіх параметрах, акрамя утрымання жалеза, адпавядае прад’яўляемым патрабаванням. Аднак у сувязі з адсутнасцю ачышчальных збудаванняў на водазборы “Гелянова” пітная вада ў заходняй частцы горада менш якасная і адрозніваецца павышанай колькасцю аксідаў жалеза, асаблівай шкоды для здароў’я яны не ўяўляюць. Магутнасці ачышчальных збудаванняў горада адпавядаюць сучаснай сітуацыі ў галіне водакарыстання. Даволі небяспечная з гэтага пункту гледжання з’яўляюцца гальванічныя вытворчасці на асобных прадпрыемствах. Іх воды павінны ачышчацца на мясцовых збудаваннях, аднак калі на заводзе “Электрамодуль” воды адпавядаюць санітарным нормам, то станказавод скідае сцёкі з перавышэннем утрымання цяжкіх металаў.
Праблема якасці вады, яе чысціні становіцца ўсё больш актуальнай.



Пакінуць каментар

If you would like to make a comment, please fill out the form below.

You must be logged in to post a comment.


© 2008, Стваральнік: Ян Лагвіновіч, lahvinovich@gmail.com, тэл. 8-029-6476157