Па велічыні і колькасці насельніцтва Маладэчна адносіцца да групы сярэдніх гарадоў. У Беларусі, дарэчы, налічваецца толькі 9 такіх населеных пунктаў. Гэты клас гарадоў адрозніваецца сваёй дынамічнасцю і няўстойлівасцю. Яны, па сутнасці, з’яўляюцца пераходнай стадыяй паміж малым і вялікім горадам, таму стабільнае экалагічнае вырашэнне наспяваючых экалагічных праблем важныя як з пункту гледжання сучаснасці, так і будучага.
Рысы сярэдняга горада Маладэчна пачынаў набываць пасля Другой сусветнай вайны, з пачаткам масавага будаўніцтва прамысловых прадпрыемстваў. Да гэтага, напачатку свайго развіцця Маладэчна з’яўляўся гандлёва-рамесніцкім цэнтрам. На карце ВКЛ канца XV- пачатку XVI стагоддзя, заснаванай на адшуканых М.К. Лабаўскім дакументах гэтага перыяду, Маладзечна адносілася да такой катэгорыі населеных пунктаў, як “важнейшыя княжацкія двары пры месцах ці сёлах”. Усяго такіх паселішчаў у Віленскім ваяводстве было 98, да іх належалі і Радашковічы, Мядзел, Валожын, Ракаў, Заслаўе, Івянец. У перыяд Сярэднявечча і Новага часу Маладэчна не мела магдэбургскага права і адносілася да прыватнаўласніцкіх гарадоў. Выгаднае геаграфічнае становішча спрыяла развіццю гандля і росту насельніцтва, але шматлікія войны часта спусташалі гэтую зямлю і выклікалі шматлікія страты насельніцтва. Гарадская забудова развівалася ў гэты час на балоцістай пойме ракі Уша, дзе быў пабудаваны замак абарончага значэння, і на прылягаючых краявідах плоскай азёрна-балотнай нізіны з астанкамі водна-ледніковай раўніны. Значнай вехай у развіцці гарадской геаэкасістэмы з’яўляецца будаўніцтва Лібава-Роменскай і Сядлецка-Пецярбургскай чыгунак. Негатыўна на развіцці горада адбілася і сусветная вайна і польская акупацыя, аднак Маладэчна працягваў развівацца. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі ў горадзе зноў назіраецца актыўнае развіццё інфраструктуры. Ён пачынае развівацца як малы горад і арынтуецца на мясцовыя рэсурсы. У гэты час пачынаюць праяўляцца накірункі яго далейшага развіцця, а насельніцтва ў 1940 годзе налічваюць 6000 жыхароў. Вялікая Айчынная вайна зноў перапыніла гэты працэс, аднак пасля вызвалення ў 1944 годзе, як буйны чыгуначны вузел, у верасні Маладзечна становіцца абласным цэнтрам. Пачынаецца актыўнае ўзнаўленне прадпрыемстваў і жылога фонду. Уводзяцца ў строй новыя прамысловыя магутнасці. Дзякуючы выхаду за межы гістарычнай забудовы, Маладэчна атрымаў даволі арыгінальную горадабудаўнічую перспектыву, на якую вялікую ўвагу аказала размяшчэнне новых прамысловых аб’ектаў.
Стары жылы масіў быў пакінуты амаль без змяненняў, за выключэннем паднаўлення часткі старых вуліц. Вылучылася і новая арганізацыя самой структуры горада. Фарміруецца прамавугольная сетка вуліц, а стары цэнтр Маладэчна (сучасная плошча Старое Места) саступіў лідэрства плошчы Цэнтральная. Віленская вуліца прайшла праз поле каля Лысай гары, утварыўшы новую магістраль Вялікі Гасцінец, які выразаў за горадам нязручную для транспарту дугу і зліўся за горадам са старай дарогай. У выніку ён стаў часткай аўтамабільнай дарогі на Вільнюс і разам з вуліцай Віленскай набыў статус асноўных планіровачных восяў. Выразна акрэсліўся жылы мікрараён уздоўж вуліц Вялікі Гасцінец, Прытыцкага, Б. Хмяльніцкага. Па гэтай прычыне далейшае размяшчэнне прамысловасці ішло ў раёне Зялёнага Гарадка, на паўднёва-заходнім напрамку. У выніку такога пашырэння горада,ён выйшаў на тэрыторыю ўзгоркава-хвалістай марэннай раўніны з камавымі і марэннымі ўзгоркамі – трэцяй групы краявідаў, на якіх фарміравалася гарадская забудова Маладэчна.
У 1960 годзе, згодна з новым адміністрацыйным падзелам, Маладэчна пераводзіцца ў ранг раённага цэнтра. У 1962 годзе насельніцтва Маладэчна перавысіла колькасць 26 000 чалавек. Па прычыне скарыстанасці мясцовых рэсурсаў развіцця, горад актыўна пашырае знешнія сувязі: паскоранымі тэмпамі ідзе індустрыяльнае развіццё, а магутнасці, што уводзяцца, арыентуюцца на дапаўненне вытворчага комплексу Мінска. У выніку Маладзечна канчаткова пераходзіць у ранг сярэдняга горада. Для Маладэчна характэрная унікальная дэмаграфічная сітуацыя. Калі да 60-х гадоў ХХ стагоддзя колькасць насельніцтва расла даволі нізкімі тэмпамі, то ўжо з 1959 года назіраецца актыўны яго рост. Гэта было выклікана як агульнымі тэндэнцыямі ў сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі, - павелічэнне тэмпаў агульнага сацыяльна-эканамічнага развіцця ў пасляваенныя гады, павелічэнне патрэбнасці ў працоўных рэсурсах, агульнымі тэндэнцыямі роста гарадоў. У выніку ў Маладэчне ўтварыўся магутны цэнтр прыцягвання насельніцтва ў горад як з прылягаючых тэрыторый, так і з суседніх раёнаў, дзе назіралася менш хуткае развіццё. Такім чынам пасляваеннае насельніцтва было сфарміравана за кошт міграцыі ў горад сельскага насельніцтва.
У далейшым г. Маладэчна захаваў тэндэнцыі горада з насельніцтвам, якое вельмі хутка расце, што было звязана з развіццём прамысловасці і будаўніцтвам новых буйных прамысловых прадпрыемстваў, якія патрабавалі вялікіх працоўных рэсурсаў. З 1990 года насельніцтва Маладэчна набывае іншую дынаміку. Гэта было цесна звязана з канчатковым афармленнем прамысловай інфраструктуры горада і распадам СССР, нарушэннем адпрацаваных сувязяў. У выніку сальда міграцыі стала блізкім да нуля, і змяненне насельніцтва адбываецца за кошт натуральнага прыросту. Параўнальна з іншымі сярэднімі гарадамі Маладзечна не меў спаду колькасці насельніцтва адносна 1997 года – колькасць яго заставалася стабільным. Даволі добрая дэмаграфічная сітуацыя склалася і ў Маладэчанскім раёне. Як адміністрацыйная адзінка на карце Маладэчанскі раён з’явіўся ў 1940 годзе. Хвалістая стужка ўмоўнай граніцы ахапіла частку Мінскага ўзвышша з яго непаўторнымі краявідамі, буйнымі пасёлкамі і маленькімі вёсачкамі. У Маладэчанскім раёне 277 населеных пунктааў, у якіх жыве 49,6 тысячы чалавек. Раён займае плошчу ў 136,5 тысячы гектараў, якая адміністрацыйна-тэрытарыяльна раздзелена на 14 сельскіх і адзін пасялковы Саветы. Функцыянуе 17 калгасаў, сельскагаспадарчай вытворчасцю займаюцца таксама ААТ “Аграхімія”, птушкафабрыка ААТ “Забудова”, 30 фермерскіх гаспадарак. Сярэдні бал ворнай зямлі – 40, сельгасугоддзяў – 37. Прамысловасць раёна прадстаўлена 24 прадпрыемствамі, 7 з іх – перапрацоўчыя. Будаўнічы комплекс уключае 14 будаўнічых арганізацый. Зарэгістравана 57 прадпрыемстваў недзяржаўнай формы ўласнасці, 282 прыватныя прадпрымальнікі.
Маладэчанскі раён адносіцца да сярэдніх як па плошчы, так і па колькасці насельніцтва і належыць да ліку так званых раёнаў эталонаў. Яны не маюць празмернай шчыльнасці насельніцтва, ёсць добры баланс працоўных рэсурсаў, прапарцыянальныя суадносіны паміж класамі населеных пунктаў. У выніку ў рэгіёне назіраецца даволі стабільная дэмографа-экалагічная сітуацыя, якая патрабуе падтрымкі існуючых колькасцяў і прапорцый насельніцтва на сёняшнім узроўні.
Пакінуць каментар
If you would like to make a comment, please fill out the form below.
You must be logged in to post a comment.