З-за структурных асаблівасцяў геаэкалагічнай сістэмы Маладэчна, гарадское асяроддзе мае розную якасць. Так прысутнасць значнай колькасці прадпрыемстваў з рознымі тэхналагічнымі працэсамі утварае галоўную тэхнагенную нагрузку на ўсе кампаненты гарадскіх краявідаў. Значна ўздзейнічае на іх і транспарт, а таксама насельніцтва. Менавіта гэтыя фактары і абумоўліваюць геаэкалагічны стан гарадскіх тэрыторый, што фарміруюцца ў выніку ўзаемадзеяння прыродных і антрапагенных складнікаў. Прыродныя фактары – геалагічная будова, агульная цыркуляцыя атмасферы і іншыя кампаненты краявідаў больш пераразмяркоўваюць ці акумулююць тэхнагенныя ўздзеянні, антрапагенныя ж з’яўляюцца асноўнымі крыніцамі забруджвання.
Забруджванне атмасфернага паветра з’яўляецца пабочным вынікам амаль што любых тэхналагічных працэсаў. Менавіта таму выкіды ад стацыянарных крыніц адыгрываюць галоўную ролю ў забруджванні атмасферы. Патрэбна адзначыць, што ў апошнія гады колькасць выкідаў знаходзіцца дзесьці ля адзнакі 3000 тон. Па гарадской тэрыторыі яны размеркаваныя далёка не раўнамерна, што прыводзіць да рознай шчыльнасці забруджвання тэрыторыі горада. Найбольш актыўнымі пастаўшчыкамі забруджвання з’яўляюцца кацельні ПЭС, што напрамую звязана з тэхналогіяй вытворчасці. Вакол прадпрыемстваў гэтага тыпу зона актыўнага забруджвання мае тэрыторыю радыусам да 1 км і моцна залежыць ад сілы ветру. Акрамя таго, адбываецца як хімічнае, так і цеплавое забруджанне паветра ў выніку высокай тэмпературы выхаду газаў. Падобныя сітуацыі назіраюцца вакол усіх прадпрыемстваў, розніца толькі ў магутнасці крыніц выкідаў, тэмпературы выхаду газаў. І, як вынік гэтага, шырыня зоны актыўнага забруджвання. Не меншую роль у забруджванні атмасферы адыгрывае транспарт. Выкіды яго складаюць да 50% сумарных выкідаў у атмасферу. Асноўны ціск з яго боку, у асноўным церпяць тэрыторыі ўздоўж аўтамагістралі і чыгункі. Значна палепшыць абстаноўку дапамагае перавод кацельных на газ, што ўжо дазволіла амаль у два разы знізіць выкіды аб гэтых прадпрыемстваў. Ажыццявіўся пераход многіх прадпрыемстваў на газ. Гэтай перабудове падвергліся кацельні электрасеткі, хлебазавода, мясакамбіната, ААТ “Забудова”, асфальтавага завода ў Палачанах.
Значна ўплывае на характар і шчыльнасць забруджвання паветранага басейна леса – і луга-паркавыя краявіды, якія выконваюць санітарна-ахоўную функцыю.
У першыя пасляваенныя гады ў горадзе былі дзве зялёныя зоны. Першая з іх – запушчаны з польскіх часаў стары парк з высахшым цэментаваным басейнам у Гелянове. Другая – чыгуначны парк – цяперашні сквер па вуліцы Прытыцкага. Невялікага па памерах чыгуначнага парку ўсё больш не хапала для растучага горада. У 1950 ці 51-м годзе камусьці з начальнікаў абласнога на той час цэнтра прыйшла ў галаву добрая ідэя новым паркавым масівам звязаць у адзінае цэлае горад з асабняком на гары Гелянова. У пасадцы дрэў удзельнічалі ўсе калектывы горада. У сярэдзіне 50-х новы парк дасягнуў запланаванага выгляду. Пракладзеная пасля смерці ў 1953 годзе Ф.Р. Маркава ліпавая алея на вуліцы яго імя падказала гарадскім архітэктарам ідэю завяршыць новы зялёны ансамбль скверам за Домам культуры будаўнікоў. Агульны баланс зялёных насаджэнняў у горадзе не зменшыўся. Быў добра упарадкаваны зялёны куток каля завода “Спадарожнік”. У пачатку 80-х ствараецца новая зялёная зона ад вуліцы Міру да завода “Электрамодуль”.
Калі глядзіш на карту, то бачна, што лясныя масівы ахопліваюць Маладэчна як бы паўколам. Зялёны колер выведзены на поўнач, усход і поўдзень ад нашага горада. Але найбольш буйныя суцэльныя плошчы займае лес, што расце за Ушой, у бок Вілейкі. Прыкладна 42 дні ў год, калі вецер мае адпаведны напрамак, Маладэчна дыхае паветрам, якое ачышчана гэтым лесам.
Нарматыўная забяспечанасць гараджан паркамі, скверамі і бульварамі складае толькі 57%, ці 8 кв.м на чалавека з 14-ці неабходных. Пры слабаразвітым леса-паркавым поясе (размешчаны навотддаль ад горада) і высокай тэхнагеннай нагрузцы існуе вельмі вострая неабходнасць у максімальным нарошчванні плошчы леса – і луга-паркавых краявідаў ў межах горада.
Галоўная функцыя зялёных насаджэнняў вакол аўтамабільных і чыгуначных магістраляў – санітарна-ахоўная. Тут акумулюецца большасць шкодных рэчываў, што выкідваюць транспартныя сродкі. Падлічана, што ў год 1 аўтамабіль выкідвае ў атмасферу 600- 800 кг аксіду вугляроду, каля 200 кг неспаленых вугляродаў і каля 40 кг аксідаў азоту. У адпрацаваных газах аўтамабіля ўтрымліваеццакаля 280 шкодных кампанентаў, асаблівай небяспекай сярод якіх вылучаецца тэтраэтылсвінец, які мае ўласцівасць назапашвацца ў верхнім слоі глебы і расліннасці. Залужаныя тэрыторыі вакол аўтадарог і чыгунак не павінны служыць месцам збору лекавых раслін ці для вырошчвання гародніны. Паступленне свінцу ў арганізм нават малымі, але рэгулярнымі дозамі, прыводзіць да адкладання яго ў касцях, валасах і печані, выклікае пашкоджанні нырак, злаякасныя новаўтварэнні ў лёгкіх, парушэнне працэсаў крывятварэння і нейралагічныя эфекты.
Маладэчанскі экалагічны цэнтр “Крыніца” правёў разлік газадынамічнага стану атмасферы над нашым горадам і раёнам. Лічбы даюць уяўленне пра тое, які ўплыў аказваюць расліны і чалавечае гаспадаранне на стан паветра, якім мы дыхаем. Усе расліны Маладэчна і Маладэчанскага раёна за год паглыняюць 980 тысяч тон вуглякіслага газу, вызваляючы 720 тысяч тон кіслароду. На дыханне, гніенне, мінералізацыю за год паглынаецца 370 000 тон кіслароду. Такім чынам, наш раён узбагачае атмасферу зямлі 350 тысячамі тон кіслароду. Раней, да ўмяшання чалавека ў прыроду, газадынамічны баланс амаль паўсюль быў нулявы. Гэта значыць, колькі кіслароду выдзялялася столькі і паглыналася. Але цяпер паглынаюць нашмат больш кіслароду, чым паспяваюць выдзяляць расліны.
Культурныя расліны даюць 75% ад усяго аб’ёма газаабмену ў нашым раёне. 18% прыпадае на лясы і кустоўе, 7% - на водна-балотныя экасістэмы. Тут варта нагадаць, што культурныя сельскагаспадарчыя расліны вельмі хутка набіраюць біямасу, інтэнсіўна паглынаючы пры гэтым кісларод. Таму для стабільнасці газаабмену так важныя менавіта лясныя і водныя экасістэмы.
За год прамысловасць і транспарт Маладэчанскага раёна і горада, акрамя ўсяго іншага, “узбагачаюць” атмасферу, прыкладна, 25 тысячамі тон вуглякіслага газу. Здаецца, дробязь, бо расліны ў нас паглынаюць нашмат больш гэтага злучэння. Але для таго, каб разбавіць гэтыя 25 тысяч тон да нармальнай канцэнтрацыі СО (0,03%), патрабуецца больш за 83 мільёны тон паветра. Так што чыстае паветра – гэта не бясконцы, а вельмі і вельмі абмежаваны прыродны рэсурс.
Вялікую ролю выконваюць зялёныя насаджэнні і па зніжэнні шумавога забруджвання атмасферы. ПДК шуму складае 20-30 дэцыбелаў. Шум узроўню 70-80 ДБ выклікае ў чалавека стомленасць, а гук у 130 ДБ выклікае болевыя адчуванні. У Маладэчна галоўную ролю па шумавым забруджванні адыгрываюць чыгунка і аўтамагістралі. На адлегласці 8 метраў легкавы аўтамабіль дае ўзровень шуму 77 ДБ, грузавы ці аўтобус – 83 ДБ. На адлегласці ад чыгункі да 20 метраў узровень шуму складае 90-101 ДБ. Звышнарматыўныя пастаянныя шумавыя ўздзеянні прыводзяць да росту захворванняў сардэчна-сасудзістымі, нервовымі і іншымі захворваннямі дарослага і асабліва дзіцячага насельніцтва.
Пакінуць каментар
If you would like to make a comment, please fill out the form below.
You must be logged in to post a comment.