Рэльеф нашага краю сфарміраваны леднікамі. Бачнымі “візітоўкамі” гэтага з’яўляюцца валуны. Дарэчы, іх запасы у Маладэчанскім раёне складаюць да 300 тысяч кубаметраў. Найбольш паўплывала на рэльеф Маладэчанскага раёна перадапошняе Сожскае абледзяненне, якое пачалося прыкладна 220 тысяч гадоў таму і працягвалася 110 тысяч гадоў. У выніку узніклі Ашмянская і Мінская канцавыя ўзвышшы і Вілейская водна-марэнна-ледніковая раўніна. Ляднік пры наступленні і таянні праводзіў вялікую работу. Ён, як бульдозер, сунуў перад сабой грунт, у выніку чаго ўтварыліся канцавыя напорныя грады, якія можна бачыць ля вёсак Соўлава, Лужаны. Калі разам сыходзіліся 2 ледніковыя языкі, то ўтвараліся найбольш магутныя ўзгорыстыя вуглавыя масівы, напрыклад, Радашковіцкія грады. У ледніку ўтвараліся азёры і катлаваны, якія запаўняліся рыхлым матэрыялам. Пасля таяння лёду гэты матэрыял у выглядзе крывабокіх узгоркаў асядаў на зямлю і утвараў так званыя камы. Іх у вялікай колькасці можна бачыць ля Трапалава.
Рэльеф поўначы Маладэчанскага раёна сфармаваўся галоўным чынам талымі водамі апошняга Паазёрскага ледавікоўя, якое скончылася ўсяго 10 тысяч гадоў назад.
Дзесьці 10-12 тысяч год таму на тэрыторыі Маладэчна, як і па ўсёй Беларусі, былі балоты і лясы. На 90% лесапакрытай плошчы прыпадала 10% балотаў. Сярод балотаў поймы Ушы і узнік Маладэчанскі замак. Гэта быў першы прыродна-антрапагенны комплекс ці гарадскі краявід. Кампанент прыроднага асяроддзя тут быў зменены нязначна: часткова асушаныя глебы, з’явіліся пабудовы самога замка, абнесеныя трохметровым валам і акружаныя абводным глыбокім ровам з вадою. За ім размяшчаліся менш значны вал з валунамі ў аснове і сістэма драўляных умацаванняў. Усё гэта упіралася ў навакольныя балоты, якія функцыяльна ўваходзілі ў краявід замка, утвараючы яго прыродныя умацаванні. Пасля таго, як замак быў разбураны падчас вайны 1812 года, краявіды Ушы пачалі нагадваць сучасныя, але канчаткова свой лугава-паркавы воблік набылі ў сувязі з меліярацыяй рэчышча ў 50-я гады ХХ стагоддзя. Найбольш старажытным тыпам забудова Маладзечна з’яўляецца прыватная малапавярховая забудова з садамі і агароджамі. Нават сёння пад імі знаходзіцца больш за 30% гарадской тэрыторыі. Па ўзроўні змянення прыроднага кампаненту яны аказвалі вялікі ўплыў на прыродныя краявіды азёрна-балотнай нізіны праз асушэнне глебаў і частковую змену воднага рэжыму. Прыкладам такой забудовы могуць служыць два дамы па вуліцы Віленскай – прыклад архітэктуры Маладэчна канца ХIX пачатку XX стагоддзя.
Развіццё чыгуначнага транспарту напрыканцы XIX стагоддзя прывяло да ўзнікнення ў горадзе новага тыпу краявідаў-транспартна-магістральнага. Сёння ён прадстаўлены ў дзвюх формах: Насып з рэйкамі самой чыгункі, што рассякае горад начасткі, і комплекс чыгуначнага вакзала, дзе лінейныя формы краявідаў набылі значнае прасторавае размеркаванне.
Самая шчыльная забудова ў горадзе прымеркаваная да былых залесеных абшараў узгоркава-марэннай раўніны ў паўднёвай частцы горада. Найбольшыя змены прыроднага кампаненту тут звязаныя з прыдатнымі для будаўніцтва ўмовамі і наяўнасцю магутных тэхнічных сродкаў, бо асваенне гэтых тэрыторый праходзіла ўжо ў 50-60 гады ХХ стагоддзя.
Літаральна на нашых вачах знікаюць з паверхні зямлі ў межах горада рэшткі далін ручаёў, якія калісьці сілкавалі сваімі водамі раку Уша. Падобнае можна было назіраць у верасні 2001 года на ўскраіне будаўнічай пляцоўкі Палаца культуры. А многія з ручаёў, што захаваліся, фактычна ператвораныя ў каналізацыю адкрытага тыпу і ўяўляюць сабой зону экалагічнага бедства.
Найбольш блізкімі да прыродных з’яўляюцца краявіды гарадскога парку Перамогі і іншыя скверы і зялёныя насаджэнні ў межах горада. Яны маюць нават сваю фауну. Галоўным чынам, гэта птушкі, што тут гняздуюць і для якіх ва ўмовах лесапарку ўтвараюцца прыдатныя ўмовы. Але навокал тут асяроддзе цалкам штучнае, сфарміраванае пад уплывам чалавека.
Пакінуць каментар
If you would like to make a comment, please fill out the form below.
You must be logged in to post a comment.