Маладэчаншчына для турыстаў

Ул. інф.

У нядзелю 16 лістапада ў музеі вёскі Плябань Маладэчанскага раёна адбыліся гісторыка-краязнаўчыя чытанні “Маладэчна і ваколіцы: гісторыя, стан вывучэння, перспектывы турыстычнага асваення”.
Арганізавалі гэтае мерапрыемства Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Моладзевая ініцыятыва аднаўлення могілак і Філіял Мінскага абласнога краязнаўчага музея ў в. Плябань, у рамках агульнанацыянальнай грамадскай кампаніі “Будзьма!”.
Мерапрыемства сабрала неабыякавых грамадскіх актывістаў, краязнаўцаў, мясцовых жыхароў. Таксама прысутнічалі прадстаўнікі аддзелаў культуры і ідэалогіі Маладэчанскага райвыканкама.
Галоўная мэта, якую ставілі арганізатары чытанняў: працягненне ўвагі ўладаў і грамадскасці да праблемы Плябанскага музея. На сённяшні дзень музею паграджае закрыццё, у ім няма сталай экспазіцыі (што было, забралі ў Мінск). Усе экспанаты – некалькі ілюстрацыяў да “Песні пра зубра” Гусоўскага.
Тым не менш, в. Плябань, як унікальнае гістарычнае месца, вядомае з ХІХ стагоддзя, мае вялізны турыстычны патэнцыял. Тут знаходзяцца старыя каталіцкія могілкі, дзе пахаваныя ўдзельнікі паўстання Каліноўскага, камандзір паўстанцкага атраду Юльян Бакшанскі і ягоныя паплечнікі. Калісьці на зары беларускай незалежнасці ў Плябанскім музеі планавалі зрабіць Музей паўстанцкага руху, бо лепшае месца ў Беларусі цяжка знайсці. Зараз і музей, і могілкі знаходзяцца ў заняпадзе.
Удзельнікі нядзельнага мерапрыемства вырашылі арганізаваць ініцыятыўную групу па стварэнню на базе музея гісторыка-краязнаўчага аб’яднання “Плябань”, а таксама правесці конкурс на распрацоўку экспазіцыйнай канцэпцыі музея. Прысутныя пры гэтым прадстаўнікі райвыканкаму паабяцалі паспрыяць вырашэнню праблемы.



Пакінуць каментар

If you would like to make a comment, please fill out the form below.

You must be logged in to post a comment.


© 2008, Стваральнік: Ян Лагвіновіч, lahvinovich@gmail.com, тэл. 8-029-6476157