НАРОДНЫ ПРАТЭСТ І “СТАРАЯ” АПАЗЫЦЫЯ

Ян Лагвіновіч

У Менску віруюць жарсьці вакол Лошыцкага парку. Мастак і блогер Ніка Сандрас заклікала на сайце блогаў “Жывы Журнал” ратаваць старую сядзібу парку ад “рэканструкцыі” — зьнішчэньня і пабудовы копіі. А таксама ад вырубкі старых дрэваў. Уласна праект рэканструкцыі ніхто ня бачыў, што выклікае дадатковую насьцярогу.

Літаральна праз тры дні для супакаеньня грамадзкасьці выступіла ОНТ зь сюжэтам пра парк — “усё добра, нічога ня бурыцца”. Матэрыялы пачалі зьяўляцца ў дзяржаўных і незалежных СМІ.

Паралельна разгарэўся скандал з нагоды далучэньня да грамадзкай ініцыятывы моладзі БНФ на чале з Франакам Вячоркам. Галоўная прэтэнзія да партыйных актывістаў — “не падмазвайцеся да грамадзкай ініцыятывы”. Не замінайце, не пераводзьце праблему ў шэраг палітыкі.

Магу сьцьвердзіць, што ўлады пабаіваюцца раптоўных сацыяльных выбухаў пратэсту. Ёсьць прыклад Барысаву, калі даведзеныя да адчаю жыхары Залінейнага раёну амаль гадзіну перакрывалі чыгунку. Цэлы раён патанае па калена ў вадзе пасьля кожнага дажджу. Людзі патрабавалі ад уладаў вырашыць праблему. Нават пратаколы не склалі на пратэстоўцаў!

У Салігорску работніцы “Купалінкі” некалькі разоў страйкавалі ў цэнтры гораду — аніякіх рэпрэсіяў. У Дружным Пухавіцкага раёну адбываліся стыхійныя мітынгі пратэсту супраць пабудовы хімзаводу. Аднаго актывіста аштрафавалі, і тое, ён вядомы як “зьвязаны з апазыцыяй”. Прыклады можна множыць.

Практычна ў кожным горадзе, кожным пасёлку ёсьць праблемы, якія востра хвалююць людзей.

І калі людзі выходзяць з-пад кантролю, улады ідуць на саступкі.

Іншае пытаньне, што кожны стыхійны пратэст можа альбо выліцца ў стварэньне арганізаванай грамадзкай сілы, альбо затухнуць. Каб дамагчыся чагосьці ў супрацьстаяньні, трэба яднацца. Гэтага ўлады баяцца. Бо штодня праз СМІ ўнушаюць людзям думку, што ў Беларусі пратэстуюць толькі адмарозкі за заходнія грошы.

Сёньня ў пратэстна настроеных людзей няма даверу да афіцыйнай апазыцыі. Гэта значыць, што людзі могуць стварыць новую апазыцыю. Альбо “старая” здолее зьмяніцца знутры, і аб’яднацца з новай.



Пакінуць каментар

If you would like to make a comment, please fill out the form below.

You must be logged in to post a comment.


© 2008, Стваральнік: Ян Лагвіновіч, lahvinovich@gmail.com, тэл. 8-029-6476157