Маладэчанскі райвыканкам працягвае спробы прымусіць прадпрымальнікаў купляць прадукцыю Маладэчанскага мясакамбінату.
Для прыкладу, маладэчанская “ліверка” каштуе каля 4 тысяч рублёў, а гарадзенская – каля 2000, і якасьцю як мінімум ня горшая. “Хто будзе набываць маладэчанскае?”, — задаюць пытаньне прадпрымальнікі.
У ліпені адбыўся чарговы рэйд санстанцыі па гандлёвых кропках гораду. Сярод іншых пратаколаў пра парушэньні правілаў гандлю, склалі пратакол на гаспадароў крамы “Лясьнік” у Залінейным раёне. Побач з кармай вымералі вышыню травы, і прызналі вышіню завялікай.
Яшчэ 9 ліпеня ў Маладэчанскім райвыканкаме адбылося пасяджэньне. Прысутнічалі кіраўнікі большасьці гандлёвых прадпрыемстваў гораду. Вёў пасяджэньне намесьнік старшыні райвыканкаму Яфім Аронавіч Ідэльчык. Як сьведчаць некаторыя ўдзельнікі, да гандляроў давялі нормы продажу прадуктаў маладэчанскага мясакамбінату.
Улады агучылі канцэпцыю падыходу райвыканкаму да працы гандляроў: “Калі аб’ём рэалізаванай прадукцыі мясакамбінату ня будзе дасягаць патрэбнай нормы, будзем вымяраць вышыню травы”.
15 ліпеня ў кабінэце Яфіма Ідэльчыка адбылося меншае па колькасьці ўдзельнікаў пасяджэньне. Гэтым разам прысутнічалі 16 найбольш упартых гандляроў, якія адмаўляюцца ўкладаць грошы. А ў якасьці у якасьці ганаровых гасьцей – сам галоўны ўрач санстанцыі сп. Грабоўскі, дырэктар Маладэчанскага мясакамбінату сп. Лапо і прадстаўнікі гандлёвага адзьдзелу райвыканкаму.
Па словах аднаго з удзельнікаў мерапрыемства, сп. Ідэльчык раіў прысутным гандлярам падумаць пра сваіх дзяцей, пра тое, чым іх будуць карміць, калі страцяць ліцэнзію на дзейнасьць.
Таксама была вызначана дата 12 жніўня, да якой трэба выправіць памеры прададзенай маладэчанскай каўбасы.
Таксама сп. Ідэльчык пазначыў, што ў студзені 2009 года на мясакамбінат прыйдзе вялікі інвэстар, маўляў, райвыканкам зробіць усё, каб падтрымаць жыцьцё мясакамбінату да пазначанага тэрміну.
Пакінуць каментар
If you would like to make a comment, please fill out the form below.
You must be logged in to post a comment.