Больш за паўгода па Маладэчна ходзяць чуткі — мэрам гораду і раёну станецца Дзьмітры Лукашэнка. Асабіста я чуў ад чалавек дзесяці. Крыніцы чутак досыць арыгінальныя: чулі на п’янцы самых высокіх маладэчанскіх чыноўнікаў, бабулі ў касьцёле казалі, кляўся чалавек, “блізкі да КДБ”. Апошняе, што я пачуў – у гэты аўторак павінна было адбыцца афіцыйнае прадстаўленьне сына прэзыдэнта ў Маладэчна. Інфармацыя нібы сыходзіла з райвыканкаму.
Агульнае меркаваньне маладэчанцаў пра гэтыя чуткі — з сынам Лукашэнкі будзе весялей. Людзі пачынаюць марыць пра хуткае і чароўнае вырашэньне мясцовых праблемаў: дзіцячы шпіталь адбудуюць, палац спорту зьявіцца, кружную дарогу пракладуць. Як сотні гадоў таму –- спадзяваньні на нейкі цуд ці дзівацтвы цара.
Цікава, што чуткі пра сына Лукашэнкі на пасадзе мэра ўласьцівыя ўсёй Беларусі. Толькі іншым варыянтам імя: у Горадні, Слуцку і Бабруйску казалі пра мэра Віктара Лукашэнку.
Некалі беларускі палітоляг Уладзімер Падгол актыўна прасоўваў новы спосаб палітычных тэхналёгіяў. Палітоляг прапаноўваў распаўсюджваць чуткі з палітычным ухілам. Стаяць у чэргах і падкідаць удзячнай публіцы смажаныя “факты”.
Не магу ацаніць эфектыўнасць такога метаду. Але верагоднасьць таго, што чуткі пра сына-мэра распаўсюджваюцца цэнтралізавана, дапускаю. Усё больш беларусаў успрымаюць натуральнай ідэю сямейнай дынастыі ў беларускай уладзе. У Эўропе ХХІ стагодьдзя.
Глеба рыхтуецца.
Пакінуць каментар
If you would like to make a comment, please fill out the form below.
You must be logged in to post a comment.