Нядаўна рапіўся на вочы нумар “Маладзечанскай газеты” за 1996 год. Артыкул памерам на палову старонкі распавядае пра чарговы сход маладэчанскай арганізацыі БНФ. Напрыканцы зьмешчаныя кантактныя тэлефоны “для тых, хто зьяўляецца прыхільнікамі адраджэньня беларускасьці”. Захацелася ўзгадаць некалькі прыкладаў палітычнага жыцьця Маладэчна ў пазьнейшы перыяд.
У 2004 годзе сустракаўся з кіраўніком гораду Чурсіным, каб атрымаць афіцыйны дазвол на правядзеньне прэзэнтацыі кнігі “Беларусь. Сцэнары рэформаў. Эўрапейскі выбар для Беларусі.” Сп. Чурсін адмовіў. Матывацыя: “У нас есть своя стратегия”.
Прэзэнтацыю кнігі “Еўрапейскі саюз: што гэта такое?” зладзілі неафіцыйным чынам у кавярні “Ширван”. Пасьля ўладальніка ўстановы выклікалі ў гарвыканкам на непрыемную размову.
У другой палове 90-х у партыйныя шэрагі ўступалі многія маладэчанскія прадпрымальнікі, кіраўнікі прадпрыемстваў. У 2006 годзе былы сябра БНФ, мясцовы бізнэсовец, не зразумеў маю прапанову прыйсьці на сустрэчу зь Мілінкевічам – як можна сьвяціцца на такім мерапрыемстве!
Ад 1994 года беларуская ўлада пастўпова выціскала партыі з палітычнага жыцьця. Нават атрымалася стварыць негатыўнае ўспрыманьне грамадзтвам партыйнай дзейнасьці ў прынцыпе.
Хачу акрэсьліць што губляе грамадзтва, якое ня мае інстытуту партый у сістэме ўлады.
Як слушна заўважыў сп. Чурсін, “у нас адна стратэгія”. Канкурэнцыі ці супрацоўніцтва паміж уладай і партыйнымі ды незалежнымі экспэртамі няма.
Няма і такога мэханізму барацьбы з карупцыяй, як партыйная прыналежнасьць дзяржслужачага, калі чыноўнік можа папсаваць імідж усёй партыі сваёй дзейнасьцю.
У мяне няма жаданьня гэтым тэкстам у чарговы раз падкрэсліць, як усё кепска. Наадварот, ёсьць аптымізм на будучае, калі бачыш, колькі магчымасьцяў зараз не выкарыстоўваюцца. І вяртаньне партый у палітычнае жыццё Беларусі – адна з іх.
Якім чынам? Голым лёзунгам “Беларусь — у Эўропу” ці “За дэмакратычныя каштоўнасьці” наўрад ці зацікавіш сучаснага дарослага жыхара краіны.
Тым ня менш, людзі ў Беларусі яднаюцца: ці пратэстуюць супраць пабудовы хмарачосу на дзіцячай пляцоўцы, ці выступаюць супраць пабудовы хімічнага заводу ці патрабуюць спыніць свавольле старшыні калгасу. Людзям, якія лічаць сябе палітыкамі, трэба прыслухоўвацца да надзённых праблемаў грамадзянаў.
А праблемаў шмат.
Пакінуць каментар
If you would like to make a comment, please fill out the form below.
You must be logged in to post a comment.