Дарогі патрабуюць рамонту

“СЦЯГ КАСТРЫЧНІКА” (цяпер “Маладзечанская газета”), 21 чэрвеня 1960г.

Па нашаму гораду, асабліва па вуліцах, дзе праходзіць аўтамагістраль Мінск-Вільнюс, бясконцым патокам і днём і ноччу рухаюцца сотні аўтамашын розных марак і сістэм. Гэта, безумоўна, вельмі добра. Мноства машын – паказчык высокага развіцця нашай айчыннай тэхнікі. Але ж вялікаму патоку аўтамабіляў павінна адпавядаць і якасць дарог, і рэгуляванне руху аўтатранспарту ў горадзе.

Вось з гэтым жа ў нас і не ўсё ў парадку. На аўтамагістралі ў межах горада ўтварылася мноства выбоін і ям. Пры ўездзе на Савецкую вуліцу з плошчы імя Леніна, там, дзе пабудаваны і заселены шматкватэрныя дамы №№ 3, 4, 5 і 8, а таксама насупраць дома № 6, дзе размешчаны выканкомы гарадскога і раённага Саветаў дэпутатаў працоўных, утварылася нават нешта падобнае да аўтатрампліна.

Яшчэ ў 1958-59 гадах, калі ішло будаўніцтва пералічаных дамоў, для пракладкі падземных камунікацый месцамі быў узняты асфальт з аўтамагістралі – і цяпер супраць дома № 3 вуліцу перасякае канава шырынёй паўметра.

Праязджаючы па асфальтавай дарозе на даволі высокіх скорасцях, кожная машына са страшэнным грукатам пераадольвае гэту штучную перашкоду. Асабліва страшэнны грукат атрымліваецца тады, калі ў гэтую канаву трапляюць аўтамабілі з металічнымі кузавамі ці гружаныя бочкамі.

Нам даводзіцца бачыць, як нервуюцца вадзіцелі, церпяць пасажыры і аўтатранспарт. І ўсё ж патрэбна сказаць, што больш за ўсё даводзіцца нам, жыхарам дома №3, бо невыносны стук і грукат, надрыўнае завыванне матораў вымушаны слухаць кругласутачна.

А. Новікаў, Жыхар горада Маладзечна.



Пакінуць каментар

If you would like to make a comment, please fill out the form below.

You must be logged in to post a comment.


© 2008, Стваральнік: Ян Лагвіновіч, lahvinovich@gmail.com, тэл. 8-029-6476157