ПАДТРЫМАЙЦЕ АКСАНУ МЯНЦЮК

Ян Лагвіновіч

Пракурор Маладэчанскага раёну Сяргей Каваленка ня лічыць відавочным парушэньне закону з боку менскага тэлеканалу “СТВ” ў дачыньненьні да сям’і Аксаны Мянцюк. Журналісты “СТВ” папрасілі ў дзевяцігадовай дачкі Аксаны Настасьсі дазвол увайсьці ў кватэру, калі нікога з дарослых дома не было. Сваю крыўду і абурэньне Аксана Мянцюк выплеснула ў інтэрвію “БелГазете”: дачку Аксаны Мянцюк паставілі на ўлік у псыханэўралягічным дэспансэры.

Аксана Мянцюк — сястра Рамана Мянцюка, таго самага, дзеля якога афіцэры ДАІ Генадзь Дарагакупец і Аляксей Ліхтаровіч утварылі “жывы шчыт” на трасе Менск-Слуцак. ДАІшнікі асуджаныя, СТВшнікам для тэлесюжэту бракавала фотаздымкаў зь сямейнага альбому “героя”. Тэлевізійшчыкі ўварваньне на прыватную тэрыторыю без дазволу лічаць “унутранай працэдурай, тэхналягічным працэсам” вытворчасьці тэленавінаў.

Гэтак сама цягам двух месяцаў прадстаўнікі міліцыі выстаўлялі ўтварэньне “жывога шчыту” ўнутранай працэдурай працы ДАІ. Дзеля таго, каб затрымаць аўтамабіль, якім кіраваў Раман Мянцюк, міліцыянты выставілі заслону з прыватных машын, у якіх апроч дарослых знаходзілася трохгадовая дзяўчынка. Пасьля аварыі дзяўчынка дагэтуль знаходзіццца пад наглядам мэдыкаў — псыхалягічная траўма.

У выніку ціску грамадзкасьці маёр Дарагакупец і старэйшы лейтэнант Ліхтаровіч атрымалі па два гады ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам на тры гады.

Паводле “БелГазеты”, маладэчанскі пракурор Каваленка мяркуе, што саму Аксану Мянцюк трэба прыцягваць да адказнасьці за тое, што дачка Настасься адкрыла дзьверы тэлевізійшчыка з “СТВ”. Маўляў, не навучыла дачку не адкрываць дзьверы незнаёмым людзям.

Наўрад ці ў бліжэйшы час у Беларусі паўторыцца “жывы шчыт”: ёсьць прэцэдэнт пакараньня ДАІшнікаў. Што да вашай прыватнай тэрыторыі, усё можа паўтарыцца.

Пакуль грамадзкасьць не падтрымае Аксану Мянцюк.



Пакінуць каментар

If you would like to make a comment, please fill out the form below.

You must be logged in to post a comment.


© 2008, Стваральнік: Ян Лагвіновіч, lahvinovich@gmail.com, тэл. 8-029-6476157