Жодзіна: Леніна заменяць Радзівілам

Паводле www.svaboda.org

За савецкім часам у Жодзіне было два помнікі Леніну. На сёньня не засталося ніводнага. Але неўзабаве адна скульптура правадыра вернецца на ранейшае месца. А замест другой у горадзе зьявіцца помнік Багуславу Радзівілу.
27 верасьня 2007 году адзін з помнікаў Леніну — ля Палацу культуры БелАЗу — быў пашкоджаны. Невядомыя адбілі ў скульптуры галаву, правую руку і частку тулава.

Яшчэ раней быў узарваны помнік Леніну ў ваколіцах Жодзіна ля гідраэлектрастанцыі. Быў разбураны і пастамэнт.

Сёлета ў верасьні Жодзіна адзначыць свой гістарычны юбілей. Тым часам зьявіліся чуткі, што помнік Леніну ля БелАЗу вернецца на ранейшае месца. Спраўджваю гэта ў намесьніка генэральнага дырэктара па ідэалёгіі Станіслава Якубовіча. Ён скардзіцца, што ўжо стаміўся тлумачыць:

“Я не разумею сутнасьць пытаньня. Мы напісалі адказ у газэце “Жодзінскія навіны”. Усё расьпісалі. А да вас зьвяртаюцца несур’ёзныя людзі”.

Заўважаю ідэолягу Якубовічу, што, мажліва, ня ўсе жыхары Жодзіна чытаюць названую ім газэту.

“Ёсьць людзі, якім абы праблему стварыць. Помнік знаходзіцца на рэстаўрацыі і ў ліпені будзе на месцы!”

Сёньня ж загадчыца аддзелу культуры Жодзінскага гарвыканкаму Тацяна Грыцук пацьвердзіла “Свабодзе”, што на месцы ўзарванага раней помніка Леніну будзе ўсталяваная скульптура Багуслава Радзівіла. Са словаў суразмоўцы, знойдзеныя гістарычныя зьвесткі, што ў 1643 годзе недзе ў цяперашніх жодзінскіх мясьцінах пачалі будаваць паселішча Багуслаў Поле. Заснаваў яго Багуслаў Радзівіл, і пазьней яно належала роду Радзівілаў.

“Мы зацікаўленыя, каб надаць гораду гістарычны калярыт. Помнік будзе ў раёне ДРЭС, дзе быў некалі гістарычны пачатак Жодзіна”.



Пакінуць каментар

If you would like to make a comment, please fill out the form below.

You must be logged in to post a comment.


© 2008, Стваральнік: Ян Лагвіновіч, lahvinovich@gmail.com, тэл. 8-029-6476157