24-гадовая Таццяна з Маладэчна прыйшла ў юрыдычную фірму па сваіх справах, а ёй прапанавалі… стаць сурагатнай маці. Пра гэта ведаюць толькі блізкія людзі.
Таццяна: Канешне, ведаюць мае бацькі, блізкія сяброўкі і блізкія людзі, якія мяне зразумелі, а астатнім, я лічу, не трэба нічога ведаць.
Еўрарадыё: Калі вы станеце цяжарнай, то на 4-5-м месяцы ўжо не зможаце гэтага схаваць. Ужо прыдумалі гісторыю, якую прыйдзецца расказваць навакольным?
Таццяна: Генетычныя бацькі будуць мне здымаць кватэру ў Мінску. Я не буду жыць у сябе дома, і ніхто бачыць мяне не будзе.
Як толькі стане вядома, што ЭКО прайшло ўдала, Таццяна разам са сваім уласным сынам пераедуць у мінскую кватэру (генетычныя бацькі жывуць у сталіцы). На дзевяць месяцаў дзіця ўладкуюць у дзіцячы садок. Такое выйсце жанчыне прапанавалі генетычныя бацькі.
Таццяна: Па-першае, ім будзе так зручна, бо будзе блізка. Па-другое, і лекары, і паліклініка побач, мне гэта таксама зручна.
Зараз генетычныя бацькі наведваюць Таццяну 1-2 разы на тыдзень. Пакуль штомесячную дапамогу (фіксаваная стаўка 300 долараў) ёй не выплочваюць, па дамове яна пачне атрымліваць грошы толькі пасля таго, як стане цяжарнай. Зараз усе вітаміны і лекі аплочваюць генетычныя бацькі. У штомесячную дапамогу не будзе ўваходзіць арэнда сталічнай кватэры. Еўрарадыё запыталася ў Таццяны, ці не хоча яна змяніць хоць адзін пункт у дамове.
Таццяна: Ведаеце, калі мы складалі дамову, мы адразу ж прадугледжвалі ўмовы, якія б хацела бачыць я ў гэтым кантракце, і ўмовы генетычных бацькоў, таму мы прыйшлі да кампрамісу.
На пытанне Еўрарадыё, колькі гадоў людзям, якія пажадалі скарыстацца такой паслугай, Таццяна не можа адказаць: яна падпісала дамову, што не будзе даваць пра іх ніякай інфармацыі. Па яе словах, нягледзячы на ўсе дамовы паміж двума бакамі ўсё ж такі іх звязваюць даверлівыя і сяброўскія адносіны.
Таццяна: Мы маем зносіны як добрыя знаёмыя, і я лічу, што так і павінна быць. Калі паміж намі не будзе такіх адносін проста чалавечных, тады б, мабыць, нічога і не атрымалася.
Пакуль бацькі і Таццяна думаюць толькі пра ўдалае ЭКО. Калі раней жанчына гаварыла, што будзе падтрымліваць адносіны з бацькамі пасля нараджэння дзіцяці, то сёння кажа, што не ведае, як складзецца яе жыццё пасля нараджэння дзіцяці. Дакладна вядома: пасля родаў яна атрымае яшчэ 10 тысяч долараў.
Спачатку ганарар павінен быў скласці 15 тысяч долараў, але пасля сышліся на 10. Фірма ” Суркансалт” з Маладэчна адзіная ў краіне, якая займаецца пошукам сурагатных маці. Усе жанчыны зараз ці рыхтуюцца да апладнення, ці ўжо цяжарныя. Тых, хто нарадзіў, пакуль няма. Дырэктар фірмы Аксана Вайцяховіч расказала Еўрарадыё: “Як правіла, генетычныя бацькі звяртаюць увагу на стан здароўя жанчыны” , а не на яе выгляд. У фірму звяртаюцца і генетычныя бацькі з блізкага замежжа, але яны працуюць толькі з беларусамі.
Прэтэндаваць на дзіця сурагатная маці не мае права паводле закону, і пры заключэнні дамовы абавязкова агаворваецца, як будзе перадавацца дзіця.
Аксана Вайцяховіч: Гэта абазначана ў самой дамове. Калі па выпісцы з радзільнага дома, значыць, па выдачы даведкі з раддома. У той жа дзень, калі і выдадзена даведка.
За 2007 год кожная жанчына, якая звярнулася ў “Суркансалт”, змагла стаць сурагатнай маці. Усе яны вытрымалі медыцынскі агляд. У фірме ёсць нават псіхолаг, да якога могуць звярнуцца сурагатныя маці. Па словах Аксаны Вайцяховіч, яго паслугамі карыстаюцца няшмат, бо кожная ведае, на што ідзе.
Паводле www.euroradio.fm Кацярына Ярмалаева
Пакінуць каментар
If you would like to make a comment, please fill out the form below.
You must be logged in to post a comment.